Зварот Форуму дэмакратычных сілаў Беларусі да ўраду Літоўскай Рэспублікі

Форум дэмакратычных сіл Беларусі, як пляцоўка для выражэння любога меркавання ўсімі без выключэння палітычнымі і грамадзянскімі ініцыятывамі, выказвае здзіўленне з нагоды дэпартацыі беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Літве і абвінавачванню гэтых грамадзян пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.


Мы з горыччу адзначаем, наколькі бязвыхадным і жудасным становіцца лёс нашых суайчыннікаў, якія аказваюцца пад пагрозай дэпартацыі ў Беларусь, дзе ім пагражае турма, катаванні або смяротнае пакаранне.


Мы вельмі ўдзячныя ўраду Літвы за аказаную беларусам дапамогу ў 2020 годзе і за дапамогу і падтрымку, якую Літва аказвае беларусам дагэтуль. Менавіта таму мы выказваем здзіўленне з нагоды крытэраў, па якіх адны актывісты пратэстаў 2020 атрымліваюць права спакойна заставацца ў Літве, а іншыя, абвяшчаюцца пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.


Беларускія актывісты сёння жывуць у Літве не па сваёй волі. Гэта, у асноўным, ахвяры здзекаў рэжыму і людзі, якія знаходзяцца ў Літве з меркаванняў сумлення.


Літоўскі ўрад запрашаў дзясяткі тысяч беларусаў пад сваю абарону і менавіта таму беларусы выбралі Літву месцам прытулку і выратавання.


Мы лічым, што кожны беларус, а тым больш тыя, хто адкрыта выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, маюць права на абарону на тэрыторыі краін, якія дэкларуюць сваю салідарнасць з беларускім народам.


Пасля пачатку вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны, беларускі рэжым робіць усё магчымае, каб пратрымацца ва ўладзе з дапамогай выканання капрызаў Пуціна. Мы сцвярджаем, што беларускі народ супраць гэтай злачыннай вайны. Беларускія актывісты і простыя грамадзяне супраць супраць расейскай агрэсіі і супраць беззаконня і несправядлівасці.


Вайна ва Украіне аказвае ўплыў на розумы палітыкаў ва ўсім свеце. Мы з горыччу адзначаем, што пераслед беларусаў дае палітычныя прэферэнцыі некаторым палітыкам, у тым ліку і ў Літве. Але пакутуюць ад гэтага простыя грамадзяне, якія трапілі ў мясарубку рэпрэсій, пераследаў, якія сутыкнуліся з праблемамі эміграцыі. На дадзены момант вядома ўжо пра больш за 1000 выпадкаў адмовы беларусам у выдачы або падаўжэнні ВНЖ у Літве.


Пераслед зазнаюць лідары дэмакратычнага руху Беларусі. У 2011 годзе вядомы праваабаронца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі быў арыштаваны і асуджаны на некалькі гадоў у Беларусі на падставе звестак, перададзеных Літвой рэжыму Лукашэнкі. У 2019 годзе экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук вядомы эканаміст таксама быў унесены ў спіс асоб, якія ўяўляюць пагрозу для бяспекі Літвы, і на падставе гэтага факту не меў магчымасці наведваць ЕЗ.


У апошнія тыдні ў медыя ідзе сур'ёзная інфармацыйная атака ў дачыненні да кіраўніка арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач і палітыка Зянона Пазняка, што паглыбляе нашу занепакоенасць.

Беларускае палітычнае поле не аднастайнае, унутры дэмакратычнага руху ідуць спрэчкі і ўзнікаюць супярэчнасці, але гэта не павінна даваць палітычным апанентам падставы для знішчэння непажаданых з дапамогай літоўскіх службаў бяспекі.


Мы заклікаем літоўскі ўрад падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы ва ўсёй іх разнастайнасці і не прытрымлівацца настрояў ксенафобіі.


Мы заклікаем літоўскі ўрад публічна апублікаваць факты, на падставе якіх прымаюцца рашэнні аб'яўляць некаторых грамадзян Беларусі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.


Мы заклікаем да справядлівасці, дэмакратыі, законнасці і разважлівасці.


Форум Дэмакратычных Сілаў Беларусі