Лідараў G7 і кіраўніцтва Еўрасаюза заклікалі падняць тэму палітвязняў і канфіскацыі маёмасці на саміце ў Эвіяне

Лідарам дзяржаў-удзельніц G7, а таксама кіраўніцтву Еўрапейскага савета і Еўрапейскай камісіі накіраваны афіцыйныя звароты з заклікам уключыць пытанне аб сітуацыі з палітвязнямі і рэпрэсіямі ў Беларусі ў парадак дня і выніковую дэкларацыю саміту, які пройдзе ў французскім горадзе Эвіян-ле-Бен 15–17 чэрвеня 2026 года. Да зваротаў таксама прыкладзены копіі раней накіраваных заяў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі да сусветных лідараў.

У тэксце дакументаў змяшчаецца заклік афіцыйна зафіксаваць у фінальным камуніке пазіцыю адносна палітычных рэпрэсій у Беларусі, адзначыць пэўны прагрэс па вызваленні больш як 500 палітвязняў і дыпламатычныя намаганні адміністрацыі ЗША і іншых міжнародных партнёраў, якія запусцілі гэты працэс, а таксама запатрабаваць поўнай палітычнай амністыі.

Асаблівая ўвага ўдзелена новай тэндэнцыі — палітычна матываванай канфіскацыі маёмасці. У лісце падкрэсліваецца, што гэта практыка ператварылася ў форму калектыўнага пакарання, паколькі адабранне жылля б’е па цэлых сем’ях, уключаючы непаўналетніх дзяцей і састарэлых бацькоў, якія не маюць дачынення да палітычнай актыўнасці сваіх сваякоў. Падкрэсліваецца, што выкарыстанне канфіскацыі ўласнасці ў якасці інструмента палітычнай помсты супярэчыць абавязацельствам па міжнародным праве і міжнародных канвенцыях.

Да ліста прыкладзены праект фармулёвак для выніковага камуніке G7. У ім, акрамя іншага, змяшчаецца прамы заклік да ўлад спыніць выкарыстанне канфіскацыі і арышту актываў у якасці інструментаў палітычнай помсты, аднавіць эфектыўную прававую абарону правоў уласнасці і забяспечыць належныя сродкі прававой абароны ў адпаведнасці з іх абавязацельствамі па міжнародным праве.